помнік архітэктуры мадэрн у в. Лужасна Віцебскага р-на. Узведзены ў 2-й пал. 19 ст., у 1905—09 рэканструяваны. Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі вылучаецца 3-павярховая вуглавая частка з уваходам, сіметрычнай групоўкай праёмаў, складанымі шчытамі. Паміж імі высокі спічасты шацёр, які надае выразнасць сілуэту будынка. Фасады вырашаны ў 2 колерах. Аконныя праёмы на 2-м паверсе з лучковым завяршэннем, на 1-м — прамавугольныя. У 1909 у будынку адкрыта земляробчая школа. З 1965 — Лужаснянскі сельскагаспадарчы тэхнікум.